ВАДЗЯНЫ́Я ЗНА́КІ, філігрань,

бачныя на прасвет відарысы (узор, малюнак, штрыхоўка, тэкст) на паперы, якія наносяцца ў працэсе яе вырабу; своеасаблівая марка вытворцы паперы. Атрымліваюцца ў працэсе адлівання паперы з дапамогай валіка — эгуцёра, на сетцы якога нанесены рэльеф (філігрань) адпаведнай выявы.

Упершыню вадзяныя знакі з’явіліся ў Італіі ў 13 ст. З 2-й чвэрці 16 ст. першыя вадзяныя знакі зроблены на мясц. паперы ў Вільні. У 2-й пал. 16—17 ст. мясцовымі вадзянымі знакамі пазначана прадукцыя паперняў Радзівілаў у Слуцку, Любані, Алыку, Кавячынскіх у Нясвіжы і Уздзе, Сапегаў у Гальшанах і інш. Асн. сюжэтамі вадзяных знакаў на паперы мясц. вырабу ў 16—19 ст. былі гербы шляхецкіх родаў, у 18—19 ст. — таксама выявы чалавечых фігур, жывёл, птушак і інш.

У наш час вадзяныя знакі наносяцца на паперу, якая ідзе на выраб грошай, дакументаў, каштоўных папер, каб пазбегнуць падробак. Папера з вадзянымі знакамі ў выглядзе падоўжных і папярочных палос («вежэ») выкарыстоўваецца на форзацы і вокладках кніг. Вадзяныя знакі вывучаюцца філіграналогіяй. У кнігазнаўстве дапамагаюць дакладна датаваць рукапісы і старадрукаваныя выданні.

Г.​Я.​Галенчанка, У.​М.​Сацута.

Вадзяныя знакі на паперы: 1 — Полацкага евангелля (15 ст.); 2 — «Апостала» (1460); 3, 4 — Біблейскага зводу (1-я пал. 16 ст. і 1514); 5 — мінеі (16 ст.); 6, 7 — «Псалтыра» Ф.​Скарыны (1517 і 1522); 8 — рукапіснага збору з прадмовай В.​Цяпінскага (1570-я г.); 9 — рукапісу твораў І.​Кунцэвіча (каля 1610); 10 — паслання слуцкага архіепіскапа М.​Казачынскага (1753).

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)